Падыходзьце, глядзіце на кацяня і сабачак! Выберыце сабе вернага сябра!
Кожную суботу і нядзелю на Віленскім рынку ў Магілёве з'яўляецца стэнд таварыства аховы жывёл "Добрае сэрца". Маладыя людзі прапануюць забраць жывёл абсалютна бясплатна. Каты і сабакі чыстыя і здаровыя: іх падабралі, вылечылі і прывялі ў парадак актывісты арганізацыі.
Вялікімі аматарамі жывёл звычайна падаюцца адзінокія бабулі, якія падкормліваюць у дварах дамоў цэлыя арміі бяздомных катоў і сабак. Напэўна, прыйшоў іншы час, а з ім і новая генерацыя актывістаў аховы жывёл. Усе яны маладыя, прыгожыя, модныя, інтэграваныя ў актуальныя сацыяльныя сеткі і маюць упэўненасць у тым, што дабрыня (а не грашовыя знакі і матэрыяльныя здабыткі) уратуе свет.
Аксане Мурынай 33 гады, яна працуе гандлёвым агентам і вучыцца на дызайнера інтэр'ераў. Прыйшла на рынак разам з 3-гадовай дачкой Любай, якая, як і маці, вельмі любіць жывёл. Цяпер, у дачны перыяд, у іх жывуць 6 сабак і 3 каты — свае і чужыя змяшаліся ў адну вялікую сям'ю.
У добрыя ручкі! — звяртаецца да прахожых людзей тонкім галаском малая Люба.
Звычайна да жывёл першымі цягнуцца дзеці. Яны не могуць адарвацца ад кошыка, дзе капошацца рознакаляровыя прыгожанькія кацяняты. За імі прыглядае Алена Механікава — студэнтка мінскага ўніверсітэта, будучы сацыёлаг. Свае канікулы яна праводзіць з карысцю, і ў "пакет" уваходзіць удзел у акцыях абаронцаў жывёл.
— Вось дапамагаю раздаваць гэтых прыгажуноў! — усміхаецца дзяўчына.
Першым новага гаспадара знайшло маленечкае карычневае, у тыгрыныя палоскі, кацяня. Яно адразу ж прычапляецца мініяцюрнымі кіпцюрамі да курткі рашучага мужчыны і спрабуе тыцкацца носам у яго шыю.
Міхаіл крыху саромеецца грамадскай увагі і імкнецца як мага хутчэй збегчы з новым гадаванцам. Але ўсе заўважаюць, што мужчына набыў на рынку яшчэ і дзіцячую каляску.
— Так, у мяне хутка народзіцца сын і будзе Арсеніем, а гэтае стварэнне будзем зваць Жорыкам, — гаворыць ён. — Няхай жывёлка бегае па хаце, жонка мяне падтрымала.
Мужчына і сабака
Днямі ў інтэрнэце першыя радкі ў папулярнасці, паміж палітычнымі і спартыўнымі падзеямі ды скандаламі ў асабістым жыцці і моднымі строямі "селебрыці", заняў сціплы фотаздымак, зроблены ў Амерыцы. На ім мужчына сярэдніх гадоў у вадзе ўкалыхвае сабаку.
Гісторыя шчымлівая: старая жывёліна, якая пакутуе на хранічныя болі ў суставах, адчувае палёгку і засынае, калі гаспадар заносіць яе у цёплае возера і калыша на лёгкіх хвалях.
Фотаздымак крануў тысячы сэрцаў ва ўсім свеце, і справа не толькі ў тым, што ён атрымаў некалькі соцень тысяч "лайкаў", а ў тым, што ён нагадаў пра міласэрнасць і любоў людзям, якіх штодня засмоктвае грамадства спажывання.
"Значыць, наш свет не зусім прапашчы," — трапны каментарый. А яшчэ адна жанчына спыталася: "Дзе знайсці такога мужа?" Цікава, што гаспадар сабакі прызнаўся: калі 19 гадоў таму ён развітаўся з каханай і быў у адчаі, то шчаня і клопат пра яго выратавалі яго ад самагубства. "Цяпер я проста хачу аддзячыць яму", — сказаў 49-гадовы мужчына.
Актывісты сабралі грошы на лячэнне сабакі, а каментарыі ў інтэрнэце ўвогуле можна чытаць як кнігу: жанчыны плачуць, мужчыны выказваюць павагу, і ўсе сталі ўзгадваць гісторыі, калі чалавечая дабрыня ратавала няшчасных жывёл.
Што ж, самы час для неабыякавых людзей перайсці з віртуальнага свету спачування ў рэальны і дзейсны. Палюбіце жывёл не ў інтэрнэце, а ў жыцці. Магілёўскае таварыства аховы жывёл "Добрае сэрца" запрашае.
Добрыя рукі
— Нам важная нават самая маленькая дапамога, — кажа актывістка таварыства Вольга Парфёнава.
Яна, маладая выкладчыца англійскай мовы, зусім не бачыць ніякага ўрону для свайго сацыяльнага статусу ад таго, што стаіць каля рынка з сабакам на руках.
— Усё маё дзяцінства прайшло ў клопатах пра бяздомных жывёл: цягнула дадому ўсё новыя "жывыя падарункі" з вуліцы, — усміхаецца Вольга.
Аднойчы дзяўчына ўбачыла людзей з таварыства абароны жывёл на рынку, падышла і пазнаёмілася.
— Я ніколі не сутыкалася з асуджэннем — хутчэй, наадварот! Сябры добра ставяцца да маёй працы і нават грошы перадаюць, якія патрэбны нам на лячэнне і стэрылізацыю жывёл. Многія перайшлі, як жартуюць, "з ценю на наш светлы бок". У людзей добрыя сэрцы, але ўсё ж у таварыстве нам хранічна не хапае добрых рук памочнікаў.
У Магілёве няма афіцыйнага прытулку для жывёл, а толькі часовы пункт утрымання спецаўтапрадпрыемства. Усе ведаюць правіла: калі не знайшоўся гаспадар — жывёлу ўсыпляюць. У такіх выпадках актывісты шукаюць часовы дом для няшчаснага ката ці сабакі, а пасля рэабілітацыі — новага надзейнага гаспадара для жывёлы.
— Нам вельмі не хапае людзей, якія б маглі даць катам і сабакам часовы прытулак, — расказвае Аксана. — Лячэнне і прышчэпкі робяцца за кошт ахвяраванняў. Усе даюць колькі могуць, але ёсць і значныя грашовыя ўнёскі, па сотні тысяч рублёў і нават больш. Аднойчы нейкі чалавек пералічыў на наш рахунак вельмі значную суму, але мы не ведаем яго імя: ён вырашыў любіць жывёл ананімна.
Між тым, прытулак у маладой пары знайшло сімпатычнае чорнае шчаня, якое трымае на руках 17-гадовая Віялета Пачына. Яе маці працуе ў аўтарамонтнай майстэрні і там падабрала 5 безгаспадарных шчанятак.
— Гэта адначасова і слёзы радасці за выратаваных жывёл, але і хваляванні, каб усё было добра, бо насамрэч мы не ведаем, каму аддаём, ці сапраўды ў добрыя рукі, бо ў нас тут толькі "фэйс-кантроль", — паведамляе дзяўчына.
Для таго, каб жывёла зноў не трапіла не небяспечную вуліцу, валанцёры тэлефануюць новым гаспадарам і пытаюцца пра жыццё і здароўе гадаванцаў.
Плямістая гуманнасць
Народ часам гаворыць (і даволі злосна), што дапамагаць трэба найперш людзям, якія трапілі ў бяду, бо такіх шмат вакол нас. А ўжо потым толькі брацца за праблемы жывёл.
— Справа ў тым, што ў абсалютнай большасці выпадкаў чалавек можа дапамагчы сабе сам — нават тым, што звернецца па дапамогу, — гаворыць Вольга. — Жывёла гэтага зрабіць не можа.
— Каты і сабакі аказваюцца на вуліцы з-за людзей, — кажа Віялета. — І нехта ж ім павінен дапамагчы: калі не я, то хто?
— Яна неяк ідзе плямамі! — менавіта так шчыра ацэньвае гуманнасць нашага грамадства, якая вызначаецца па стаўленні да жывёл, валанцёр Аксана. — Людзі часта любяць жывёл не столькі на словах, колькі "тэарэтычна". А трэба пакарміць, выратаваць ад жорсткасці, знайсці прытулак, падараваць жыццё, у рэшце рэшт.
Дзяўчаты няспынна расказваюць гісторыі пра жывёл, якіх падабралі — параненых і хворых. Яны, што і казаць, робяць уражанне, кранаюць душу.
Гісторыя сабакі Лучыка — шчаслівая. Хоць, калі моцна параненага сабаку знайшлі на тэрыторыі прамысловага прадпрыемства, не верылася, што ён выжыве. Але жывёлка пайшла на папраўку і нядаўна знайшла добрых гаспадароў: на сайце выкладзены фота шчаслівага любімчыка Лучы і яго "бацькоў".
Ёсць і цяжкія выпадкі. Лакі вельмі доўга лячылі ад складанай хваробы, а цяпер яму шукаюць дом, дзе б сабака мог вольна гуляць. Але самае галоўнае для Лакі — гэта клапатлівыя, спагадлівыя людзі побач.
Для сабакі Марціна, у якога пералом сцягна, валанцёры шукаюць хоць бы часовы прытулак, што дазволіла б паспяхова завяршыць лячэнне, якое пакуль праходзіць у "ваенна-палявых" умовах.
Белага знайшлі з ранай проста на вуліцы, і да няшчаснага сабакі нікому не было справы, пакуль не ўмяшалася адна дзяўчына. Пасля выратавальнай аперацыі і лячэння з Белага, спадзяюцца валанцёры, атрымаецца добры вартаўнік.
Храмы на адну лапу белы кот Саша дастойны асаблівага гаспадара, які не спужаецца, што кот — інвалід, а будзе любіць яго такім, які ён ёсць. Гэта, зрэшты, самае галоўнае.
Кантакт ёсць
Таварыства "Добрае сэрца" карыстаецца ўсім магчымымі метадамі, каб дапамагчы бяздомным і хворым жывёлам. Лістоўкі, аб'явы, зборы ахвяраванняў у крамах і акцыі ў грамадскіх месцах — гэтага ўжо мала. Абаронцы жывёл актыўна захопліваюць інтэрнэт-прастору — сацыяльныя сеткі і папулярныя сайты. І менавіта электронныя аб'явы даюць найбольш плёну, а група таварыства "У кантакце" перасягнула за 3 тысячы ўдзельнікаў.
Праект "Знайдзі сабе сябра" знайшоў месца на гарадскім партале. Гэта не проста заклікі міласэрна ставіцца да жывёл і просьбы аб ахвяраваннях. Гэта канкрэтны спіс катоў і сабак, якіх актывісты таварыства падабралі, вылечылі, а цяпер шукаюць для гадаванцаў добрых гаспадароў. Для кожнай жывёлы — шчымлівы фотаздымак, дасціпны расповед і кантактныя тэлефоны для тых, хто зацікавіўся.
Самая новая акцыя — фотаконкурс "Рука дапамогі". Тэма — бяздомныя жывёлы. Менавіта такім чынам, выкарыстоўваючы новую забаву моладзі фатаграфаваць усё і ўсюды, арганізацыя вырашыла прыцягнуць увагу грамадства да праблемы братоў меншых. Любы фотааматар можа сфатаграфаваць кінутых жывёл. Усе здымкі з'явяцца на сайце таварыства, а лепшыя — на восеньскай выставе.
На сайце dsmоgіlеv.bу, акрамя абвестак і фота, ёсць канкрэтныя справаздачы. За ліпень таварыству "Добрае сэрца" удалося знайсці новыя дамы і гаспадароў для 54 кінутых і бяздомных катоў і сабак.
Авторство статьи «Звязда»
Добавить комментарий
Для отправки комментария вам необходимо авторизоваться.